СТО́ЛІНСКАЯ СЯДЗІ́БА «МА́НЬКАВІЧЫ».

Існавала ў 18—1-й пал. 20 ст. ў б. сядзібе Радзівілаў у в. Манькавічы (цяпер у Столінскім р-не Брэсцкай вобл.). У пач. 18 ст. сядзібны комплекс уключаў жылыя дамы — 2 панскія (стары і новы), некалькі для прыслугі каля ўязной брамы, гасп. пабудовы і сад. У 2-й пал. 18 ст. пастаўлены дом аканома, гасп. пабудовы. У 1780-я г. ўзведзены драўляны палац, перабудаваны ў канцы 19 ст. паводле праекта арх. Вентцэля ў стылі несапраўднай готыкі. Прамавугольны ў плане будынак пад гонтавым дахам. У пач. 19 ст. каля палаца пабудавалі драўляны флігель пад гонтавым дахам, дом для прыслугі, кухню, конна-валовы млын, 3 гумны з прыбудаванымі ў тарцах свірнамі, саладоўню і інш. Пры ўездзе ў сядзібу пастаўлена манум. брама — 1-павярховы з мансардамі і цокалем прамавугольны ў плане будынак, накрыты складаным дахам. Дамінантай кампазіцыі была гранёная вежа, завершаная купалам з барабанам і шатром над ім. У 1885 вакол палаца, які стаяў на насыпной тэрасе, закладзены парк пейзажнага тыпу пл. 50 га (цяпер 27,9 га). Фарміраваўся ён пры садзейнічанні Марыі Радзівіл, пра што сведчыць надпіс на закладным камені (устаноўлены на ўзлеску цэнтр. паляны). Тэраса абмежавана земляным валам выш. да 1,5 м з кветнікамі і дэкар. кустамі. Астатняя ч. на раўнінным рэльефе. Пры ўездзе ў парк з боку Століна пабудаваны павільён і каваныя вароты. У Вял. Айч. вайну палац згарэў, дрэвы парку моцна пашкоджаны, вывезены вароты. Расце больш за 35 відаў дрэў і кустоў, ёсць вадаём з фантанам і лебедзямі.

Н.​С.​Будыка, Ю.​А.​Якімовіч.

Столінская сядзіба «Манькавічы». Фота пач. 20 ст.

т. 15, с. 186

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)